Friday, 11/10/2024 - 13:40

Жыла-была манетка. Яна толькi што выйшла з чаканкi, чысценькая, блiскучая, пакацiлася i зазвiнела:

— Ура! Цяпер пайду гуляць па белым свеце! Ура!

I пайшла.

Дзiця трымала яе ў сваiм цёпленькiм кулачку, скнара сцiскаў халоднымi, лiпкiмi пальцамi, людзi старэйшыя падоўгу круцiлi ў руках, перш чым расстацца з ёю, а моладзь трацiла яе, як толькi атрымлiвала. Манетка была сярэбраная з невялiкай дамешкай медзi i вось ужо цэлы год гуляла па белым свеце, па той краiне, дзе яе адчаканiлi. Потым яна выправiлася вандраваць за мяжу i ўрэшце засталася адзiнай роднай манеткай у кашальку падарожнiка. Але ён i не здагадваўся, што яна iснуе, пакуль яна сама выпадкова не трапiла яму пад руку.

— Ого! — усклiкнуў ён. — У мяне яшчэ засталася адна родная манетка! Ну, няхай вандруе са мною i далей!

I падарожнiк зноў паклаў яе ў кашалёк, а манетка ажно зазвiнела i заскакала ад радасцi. Цяпер яна ляжала разам са сваiмi замежнымi таварышкамi, якiя ўвесь час мянялiся: адны саступалi месца другiм, а наша манетка ўсё заставалася ў кашальку, i гэта было пэўнай адзнакай яе адметнасцi.

Мiнула шмат тыдняў. Манетка заехала далёка-далёка ад радзiмы, але куды не ведала. Яна толькi чула ад суседак, што яны францужанкi або iталiйкi, што яны цяпер у такiм або такiм вось горадзе. Але сама яна не магла ўявiць сабе гэтых гарадоў: вечна седзячы ў кашальку, не пабачыш свету. А з ёю так яно i было.

Ды вось аднойчы манетка прыкмецiла, што кашалёк не зачынены, ёй захацелася хоць адным вокам зiрнуць на свет, i яна праслiзнула ў шчылiнку. Ёй, канешне, не трэба было гэта рабiць, бо залiшняя цiкаўнасць нiколi не застаецца без пакарання! Яна выпала ў кiшэню штаноў. Увечары кашалёк дасталi, а манетка засталася ляжаць, дзе ляжала. Штаны вынеслi ў калiдор, каб пачысцiць, i тут манетка вывалiлася з кiшэнi на падлогу, i нiхто гэтага не заўважыў.

Ранiцай адзежу зноў прынеслi ў пакой. Падарожнiк адзеўся i паехаў, а манетка засталася.

Неўзабаве яе знайшлi на падлозе i далучылi да трох iншых манетак, каб яны выконвалi свае абавязкi.

«Вось i цудоўна! Зноў пайду гуляць па свеце, пабачу новых людзей, новыя звычаi!» — падумала манетка.

— Што гэта за манета? — раптам пачула яна. — Гэта не наша манета! Ды яна фальшывая! Яна нiчога не вартая!

Вось тут, уласна кажучы, i пачынаецца гiсторыя манеткi, якую яна пасля сама расказвала.

— «Фальшывая! Нiкуды не вартая!» Пры гэтых словах я ажно скаланулася, расказвала манетка. — Я ж ведала, што я з чыстага серабра, вельмi звонкая i цудоўнай чаканкi. Мабыць, гэтыя людзi памыляюцца, — думала я. — Не можа быць, каб яны так казалi пра мяне! Але менавiта пра мяне яны i гаварылi. Яны называлi мяне фальшываю. На iхнюю думку, я была нiчога не вартая! «Трэба яе збыць каму-небудзь у прыцемку», — сказаў чалавек, да якога я трапiла. I збыў-такi. Але пры дзённым святле мяне зноў пачалi лаяць i зневажаць: «Фальшывая!», «Нiчога не вартая!», «Трэба яе хутчэй збыць з рук!» I я дрыжала ад сораму i страху кожны раз, калi мяне падсоўвалi каму-небудзь замест мясцовай манеты.

«Няшчасная я манета, — думала я тады. — Якая з таго карысць, што я сярэбраная, звонкая, выдатнай чаканкi? Усяму гэтаму грош цана! У вачах усiх ты застаешся тою, за каго цябе лiчаць! I як, мусiць, жахлiва мець нячыстае сумленне, прабiвацца наперад падманам, ашуканствам, калi мне, нi ў чым не вiнаватай, гэтак цяжка пакутаваць толькi таму, што ў мяне аблiчча злачынкi!..» Пераходзячы ў новыя рукi, я кожны раз калацiлася, баючыся, што мяне пачнуць разглядаць, бо ведала, што мяне са злосцю шпурнуць на стол, нiбыта я якая-небудзь махлярка.

Аднойчы я трапiла да беднай жанчыны: ёй заплацiлi мною за цяжкую падзённую работу. Але ёй ужо нiяк не ўдавалася збыць мяне з рук — нiхто не хацеў браць мяне, i я была для небаракi сапраўдным няшчасцем. «Давядзецца мне каго-небудзь ашукаць, — сказала яна неяк раз. — Я не такая багатая, каб трымаць у запасе фальшывыя грошы. Аддам гэтую манету багатаму булачнiку, ён не збяднее ад гэтага… Але ўсё ж нядобра так рабiць. Сама ведаю, што нядобра».

— Ну вось, цяпер я буду ляжаць на сумленнi ў беднай кабеты! — уздыхнула я. — Няўжо я гэтак змянiлася?

Жанчына пайшла да багатага булачнiка, але той вельмi добра разбiраўся ў манетах: булачнiк не паклаў мяне ў касу, а шпурнуў проста ў твар жанчыне. I, вядома, ёй не далi за мяне хлеба. Ах, як я засмуцiлася! «Няўжо, — думала я, мяне адчаканiлi на гора людзям?! Мяне, якая ў маладыя гады была такая смелая, упэўненая ў сабе. Так верыла ў сваю каштоўнасць i цудоўную чаканку!» I я затужыла, замаркоцiлася, як толькi можа тужыць-маркоцiцца манетка, якую нiхто не хоча браць. Але жанчына прынесла мяне назад дадому, лагодна-ласкава паглядзела на мяне i сказала: «Не хачу нiкога ашукваць! Я праб’ю ў табе дзiрачку, няхай кожны ведае, што ты фальшывая… Хаця… Пачакай, мне падумалася — можа, ты шчаслiвая манетка? Мне чамусьцi здаецца, што ты шчаслiвая. Я праб’ю ў табе дзiрачку, зацягну шнурок i павешу на шыю суседскай дзяўчынцы — няхай носiць на шчасце!»

I яна прабiла на мне дзiрачку. Канешне, не дужа прыемна, калi ў табе прабiваюць дзiрку, але дзеля добрай мэты, шмат што можна перацярпець. Праз дзiрачку працягнулi шнурок, i я зрабiлася падобнай на медальён. Тады мяне павесiлi на шыйку маленькай дзяўчынцы. Малая ўсмiхалася мне, цалавала мяне, i я ўсю ноч спачывала на цёпленькiх нявiнных дзiцячых грудзях.

Ранiцай мацi дзяўчынкi ўзяла мяне ў рукi, паглядзела на мяне i штосьцi задумала, — я адразу здагадалася! Яна дастала нажнiцы i перарэзала шнурок.

— Шчаслiвая манетка! — сказала яна. — Гэта трэба праверыць.

Яна паклала мяне ў кiслату, i я ўся пазелянела. Потым яна старанна замазала дзiрачку, крыху пачысцiла мяне i на змярканнi пайшла да прадаўца латарэйных бiлетаў, каб купiць на шчасце бiлецiк.

Ах, як цяжка было ў мяне на душы! Я ўся сцялася i, здавалася, вось-вось пераламлюся напалам. Я ж ведала, што мяне абзавуць фальшываю, зняславяць перад усiмi iншымi манетамi, што ляжаць у касе i аздоблены надпiсамi i чаканкай, якой можна ганарыцца. Але ж! На гэты раз абышлося, i я не зведала ганьбы. Пакупнiкоў сабралася вельмi многа i прадавец быў гэтак заняты, што, не разглядаючы, кiнуў мяне ў касу разам з iншымi манетамi. Выйграў цi не куплены за мяне бiлет — я не ведаю, але на другi дзень мяне разгледзелi, палiчылi за фальшывую i адклалi ўбок, а пасля зноў паслалi ашукваць людзей — з маёй дапамогi ўсё ашукваць, ашукваць! А гэта ж проста нясцерпна з маiм шчырым, сумленным характарам — яго ж не маглi ў мяне адабраць!

Так пераходзiла я з рук у рукi, з дома ў дом больш за год, усюды мяне лаялi, усюды праклiналi. Нiхто мне не верыў, i я ўжо сама не верыла сабе. Цяжкi гэта быў час.

Аднойчы прыехаў падарожнiк. Яму вось мяне i падсунулi. Ён быў даверлiвы i палiчыў мяне за мясцовую манету. Але калi ён хацеў за штосьцi расплацiцца мною, я зноў пачула:

— Гэтая манета нiкуды не вартая, яна фальшывая!

— Мне яе далi за сапраўдную, — сказаў падарожнiк i больш пiльна прыгледзеўся да мяне. Раптам на твары яго з’явiлася ўсмешка, а я ж ужо даўно не бачыла ўсмешкi на тварах тых, хто трымаў мяне ў руках. — Не можа быць! усклiкнуў ён. — Гэта ж наша родная манетка, добрая праўдзiвая манетка з маёй радзiмы, у ёй прабiлi дзiрку i называюць фальшываю! Вось пацеха! Але я цябе зберагу i завязу дадому.

Як я зарадавалася! Мяне зноў называюць добрай, праўдзiвай, сапраўднай, а не фальшывай манеткай, хочуць узяць дамоў, дзе ўсе будуць прызнаваць мяне i верыць, што я з чыстага серабра i цудоўнай чаканкi! Я заiскрылася б ад радасцi, але гэта не ў маёй натуры: гэта ўласцiва сталi, а не серабру.

Мяне загарнулi ў тонкую белую паперку, каб я не змяшалася з iншымi манетамi i не згубiлася. I толькi на святы, калi да падарожнiка збiралiся землякi, мяне паказвалi iм, i ўсе хвалiлi мяне: казалi, што я вельмi цiкавая. Пацеха ды годзе! Як гэта можна здавацца цiкавай, калi сама пры гэтым не гаворыш нi слова?

I вось нарэшце я апынулася на радзiме! Усе мае нягоды i пакуты скончылiся, i радасць вярнулася да мяне. Бо я з чыстага серабра, адмысловай чаканкi i нiхто не звяртае ўвагi, што на мне прабiта дзiрка, як на фальшывай. Гэта не мае анiякага значэння, калi ты сама не фальшывая.

Так, трэба мець цярпенне. Урэшце праўда заўсёды перамагае — у гэтым я цвёрда ўпэўнена! — закончыла свой расказ манетка.



Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *