Tuesday, 10/12/2024 - 06:08

Самы вялiкi лiст мае, вядома ж, лiст лопуху: прымацуеш яго да грудзей вось табе i фартушок, а пакладзеш у дождж на галаву — маеш парасончык! Гэтакi лапушысты ён, гэты лопух! I, каб ведалi, нiколi не расце па аднаму, а заўсёды як ужо адзiн вырас, то вакол шмат такiх лопухаў уздымаецца — гэтакая шыракалiстая раскоша! I ўся гэта забуялая зелянiна — прыдатны харч для смаўжоў! А самiх смаўжоў, белых, вялiкiх, спажывае ў якасцi ежы з далёкiх часоў важнае панства; са смаўжоў заўсёды гатавалi фрыкасэ, i паны, ласуючыся iм, задаволена цмокалi: «Ах, як смачна!» Яны i папраўдзе ўцямiлi сабе, што гэта страшэнна смачна i спажыўна. Дык вось, гэтыя вялiкiя белыя смаўжы сiлкавалiся лопухам, таму i пачалi гэту раслiну сеяць людзi.

Была адна старая панская сядзiба, дзе ўжо даўно не спажывалi смаўжоў, i яны ўсе павывелiся. А лопух застаўся; ён сабе рос ды рос — i нiчым яго нельга было заглушыць; усе алеi, усе градкi пазарасталi лопухам, ды так, што нават сад зрабiўся не садам, а лапушыстым лесам; нiхто б нават не здагадаўся, што некалi тут расла садавiна, калi б там-сям не тырчалi заглушаныя забуялай травой i кустоўем то яблынька, то калючая слiўка. Вось у гэтым лапушыстым лесе i жыла апошняя пара вельмi ўжо старых смаўжоў.

Яны i самi не ведалi колькi iм гадоў, але добра памяталi, што раней iх было багата, што яны вельмi старой замежнай пароды i што ўвесь гэты лес быў пасаджаны прынамсi для iх i для iх родзiчаў. Старыя смаўжы нiводнага разу не выходзiлi са свайго лесу, але ведалi, што дзесьцi побач ёсць нешта такое, што называецца панскай сядзiбай; там смаўжоў вараць да тае пары, пакуль яны не пачарнеюць, а пасля кладуць на срэбраную талерку. Што было далей, яны не ведалi. Не ведалi яны таксама i нават уявiць сабе не маглi, што значыць зварыцца i ляжаць на срэбранай талерцы; ведалi толькi тое, што гэта так цудоўна i, галоўнае, арыстакратычна! I нi майскi жук, нi жаба, нi дажджавы чарвяк — нiхто з тых, у каго яны пыталiся, нiхто нiчога не мог пэўнага сказаць пра гэта: нiкому з iх яшчэ не даводзiлася быць звараным i ляжаць на той срэбранай талерцы!

Што тычыцца самiх сябе, то смаўжы выдатна ведалi, што яны самыя першыя ў свеце, што ўвесь лес расце толькi для iх, а сядзiба iснуе толькi для таго, каб яны маглi некалi зварыцца i ляжаць на срэбранай талерцы.

Жылi смаўжы цiха, мiрна i вельмi шчаслiва. Дзяцей у iх не было, i яны ўзялi на выхаванне смоўжыка з простых. Але малы нiяк не хацеў расцi — быў жа ён звычайны, простай пароды, але старым, асаблiва смаўжысе-мацi, усё здавалася, што ён прыкметна падрастае, i яна прасiла смаўжа-тату, калi ён не бачыць гэтага так, то няхай абшчупае ракавiнку малога! Бацька шчупаў i ўрэшце згаджаўся з мацi.

Аднойчы лiў моцны дождж.

— Бач, як барабанiць па лiсцi! — сказаў смоўж-тата.

— Лiе i лiе! — сказала смаўжыха-мацi. — Вось як пацякло па сцяблу! Будзе тут вiльгацi! Адна ўцеха, што ў нас i ў нашага сыночка такiя трывалыя хаткi! Не, што нi кажы, а нам даўно больш гадоў, чым каму iншаму на гэтым свеце! Цяпер добра бачна, што мы найпершыя ў свеце! I ў нас з дня нараджэння ёсць свае ўтульныя хаткi, для нас пасаджаны гэты лапушысты лес! А ўсё ж хацелася б дазнацца, цi далёка ён раскiнуўся i што там за iм?

— Нiчога! — сказаў смоўж-тата. — Ужо лепш, як у нас, нiдзе не будзе; я ва ўсялякiм разе лепшага i не шукаю.

— А мне, — сказала мройна смаўжыха-мацi, — хацелася б трапiць на сядзiбу, зварыцца i ляжаць на срэбранай талерцы. Такiм гонарам былi ашчаслiўленыя ўсе нашы продкi, i ў тым, згадзiся, ёсць нешта асаблiвае!

— Сядзiба, напэўна, даўно разбурылася, — сказаў смоўж-тата, — або зарасла лопухам, то i людзям адтуль не выбрацца. Ды чаго так спяшацца? А ты вечна спяшаешся i сынок наш следам за табой. Ён вунь трэцi дзень паўзе ўверх па сцяблу; ажно галава кружыцца, як глянеш!

— Ну, не бурчы, стары! — сказала смаўжыха-мацi. — Ён асцярожненька паўзе. Ён жа наша адзiная ўцеха на старасцi гадоў, нам, старым, толькi дзеля яго i застаецца жыць. Але цi думаў ты дзе нам знайсцi сыночку жонку? Ты думаеш там, у лопуху, не знойдзецца хто-небудзь з нашага высакароднага роду?

— Бяздомныя чорныя смаўжы ёсць, вядома, — сказаў смоўж-тата, — але ж гэта просталюдзiны! Ды i вельмi яны самi сабой занятыя! Можна, урэшце, даручыць гэту справу мурашам: яны вечна шнуруюць то туды, то сюды i, напэўна ж, ведаюць, дзе трэба шукаць жонку для нашага малога гадаванца.

— Ведаем, ведаем адну прыгажуню, — сказалi мурашы. — Але наўрад цi падыдзе яна вам, бо тая прыгажуня, калi хочаце ведаць, каралева!

— Гэта нiчога! — сказалi старыя. — А цi ёсць у яе дом?

— Ёсць! Нават палац! — запэўнiлi мурашы. — Выдатны мурашнiк, а ў iм семсот хадоў!

— Дзякаваць вам! — сказала смаўжыха-мацi. — Нашаму сыну няма чаго лезцi ў мурашнiк! Калi вы не маеце на прыкмеце нiкога лепшага, то мы даручым гэту справу камарам: яны лётаюць i днём i ноччу, i пад сонцам i пад дажджом, ведаюць лопухавы лес уздоўж i ўпоперак.

— У нас ёсць нявеста для вашага сына! — затрубiлi камары. — На агрэставым кусце сядзiць у сваёй хатцы адна маленькая смаўжыха. Крокаў сто адсюль, не больш будзе. Яна жыве зусiм адна i мае ўзрост, калi трэба выходзiць замуж. Усяго сто чалавечых крокаў адсюль да яе!

— То няхай паўзе сюды! — сказалi старыя. — У сына вунь увесь лопухавы лес, а ў яе ўсяго толькi адзiн агрэставы куст.

Па смаўжыху-нявесту паслалi. Яна пакiравала ў дарогу i паспяхова дабралася да лопухаў на восьмы дзень падарожжа. Вось што значыць чысцiня пароды.

Адсвяткавалi вяселле. Шасцёра светлячкоў свяцiлi на ўсю моц, а наогул вяселле было вельмi цiхае: старыя не любiлi шуму. Затое смаўжыха-мацi сказала цудоўную прамову. Бацька гаварыць не здолеў, бо моцна быў узрушаны! I вось старыя аддалi маладым у валоданне ўвесь лопухавы лес, пры гэтым адзначылi тое, што ўсё жыццё гаварылi — лепшага, чым гэты лес, ва ўсiм свеце няма нiчога, i што, калi маладыя будуць сумленна i высакародна жыць i нагадуюць дзяцей, то некалi iм або iхнiм дзецям пашчасцiць трапiць на сядзiбу: там iх павараць да чарнаты i пакладуць на срэбраную талерку.

Пасля старыя запаўзлi ў свае домiкi i больш ужо не паказвалiся.

А маладыя смаўжы пачалi цараваць у лесе i пакiнулi пасля сябе багата нашчадкаў. Трапiць жа на сядзiбу i легчы на срэбраную талерку iм так i не давялося! Таму яны вырашылi, што сядзiба зусiм разбурылася, а ўсе людзi на свеце павымерлi. Нiхто iм не пярэчыў, — значыць, так яно i выйшла. I вось зноў барабанiў дождж па лопуху, забаўляючы смаўжоў, а сонца ззяла, каб зелянеў гэты лопух, i яны былi шчаслiвыя, шчаслiвыя! I ўся iх сям’я была шчаслiвая, — вось так!



Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *